Летнік пачынаецца з экскурсіі ў храм.

Размещено 3 Июнь, 2016; 2:19 в Без рубрики, Новости прихода

Летнік пачынаецца з экскурсіі ў храм.

Летнік пачынаецца з экскурсіі ў храм.

Летнікі ў ДУА “Дзіцячы садок-яслі №6 г.Івацэвічы” пачынаюцца незвычайна – з экскурсіі ў храм іконы Божай Маці “Дзяржаўная”. І гэта стала ўжо добрай традыцыяй на працягу апошніх гадоў. Бласлаўленне настаяцеля айца Грыгорыя на такое духоўнае служэнне – правядзенне экскурсій па храме, атрымала дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач.

І вось мы сустрэліся з Раісай Іванаўнай у чаканні дзяцей з летніка  ў храме. Яна і паведаміла, што экскурсіі яна праводзіць з 2007 года, а з 2010 пачала дзейнічаць цэлая праграма супрацоўніцтва музея з царквой, а экскурсіі ў ёй – цудоўная магчымасць пазнаёміць дзяцей з праваслаўнай культурай.

–Хрыстос уваскрос!, –так павіталася экскурсавод з выхаванцамі першай групы “Крынічка”  летніка дзіцячага садка “Алеся” на ступеньках перад звонніцай.

Дзеці дружна адказалі: “Ваісціну ўваскрос!”, а Раіса Іванаўна растлумачыла, што так вітацца будуць праваслаўныя людзі ад вялікага свята Пасхі да Узнясення – цэлых 40 дзён. Потым яна вучыла дзяцей правільна хрысціцца і тлумачыла, чаму так складваюцца пальчыкі: “На лоб – каб асвяціць нашы думкі, на жывот – асяціць наша жыццё, на правае і левае плячо, каб асвяціць нашы ручкі на добрыя справы”. І дзеці шчыра з дзіцячай непасрэднасцю старанна паўтаралі за экскурсаводам крыжны сімвал. На тэрыторыі храма Раіса Іванаўна кораценька, улічваючы узрост дзяцей, расказала чаму царква мае пяць купалоў і што кожны храм мае сваю назву, – наш у гонар іконы Божай Маці “Дзяржаўная”, што ўзвышаецца над уваходам. Дзеці ўважліва і сур’ёзна слухалі, як трэба сябе паводзіць у храме, аб яго ўстройстве, як правільна прыкласціся да іконы на прастоле, паставіць свечку аб здароўі родных, у памяць памерлых, дзе праходзіць споведзь у храме. Даведаліся малыя і аб некаторых іконах храма, у прыватнасці, аб іконе “Сямістрэльная” ці “Змякчэнне злых сэрцаў”, перад якой моляцца людзі за змякчэнне сэрцаў сваіх крыўдзіцеляў і сябе, каб Бог даў нам дапамогу дараваць свайму крыўдзіцелю  і аб адрэстаўрыраванай іконе “Усіх тужлівых Радасць”, перад якой людзі просяць Божай дапамогі ў складаны час і перад якой трэба вучыцца быць удзячным – не забываць дзякаваць Бога за дапамогу, славіць яго імя.

Напрыканцы экскурсіі Раіса Іванаўна завяла дзяцей у адзін таямнічы пакой – хрысцільню, дзе адбываецца вельмі важнае таінства – хрышчэнне, паказала купель, у святую ваду якой тройчы (у імя Айца і Сына і Святога Духа) акунае маленькіх дзяцей бацюшка падчас хрышчэння.

…Якая карысць ад такіх экскурсій? Задавала міжволі сабе пытанне і адказ сам з’явіўся ў галаве, гледзячы на дзіцячую шчырасць: “Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такіх ёсць Царства Божае. Ісцінна кажу вам: хто не прыме Царства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і блаславіў іх” (Евнгелле ад Лукі, гл.10, 14-16).

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован.

Перейти к верхней панели