(на белорусском языке; другой вариант статьи на русском языке о данном событии вы можете прочитать, перейдя по ссылке на белорусский православный портал SOBOR.BY )
13 кастрычніка на могілках в.Вялікая Гаць адбылося асвячэнне помніка псаломшчыку Крыжа-Узвіжанскай Святавольскай царквы Фёдару Юзэфовічу, якое праводзіў Высокапраасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі. Хрэсны ход папярэднічаў гэтай падзеі.
Звесткі аб Святавольскім мучаніку “раскапаў” гісторык, краязнаўца і пісьменнік Уладзімір Ліхадзедаў – лаурэат прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, уладальнік медаля “За выдатны ўклад у развіццё калекцыйнай справы ў Расіі”, аўтар сямі кніг, болей трыццаці выставак. У “Савецкай Беларусі” летам сёлета з’явіўся артыкул, а па бласлаўленні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана пачалося аднаўленне помніка псаломшчыку Фёдару Юзэфовічу. Дзякуючы намаганням Святавольскага прыходу і вяскоўцаў (сам гісторык таксама зрабіў ахвяраванне) на месцы высокага драўлянага крыжа, які захаваўся да нашых дзён, з’явіўся прыгожы гранітны крыж і агароджа – помнік для нашчадкаў аб мясцовым мучаніку.
Людзі, якія сабраліся на могілках, пасля асвячэння помніка ўважліва слухалі слова Высокапраасвяшчэннейшага Стэфана аб мучаніку Фёдары Юзэфовічу.
Аб жыцці псаломшчыка Фёдара Якаўлевіча Юзефовіча вядома нямнога. Як піша Уладзімір Ліхадзедаў, нарадзіўся ён у вёсцы Целяханы Пінскага ўезда ў сям’і праваслаўнага свяшчэнніка. Пасля закнчэння Пінскага духоўнага вучылішча ў 1847 годзе служыў панамаром і псаломшчыкам у храмах Мінскай губерніі (псаломшчык – праваслаўны царкоўнаслужыцель, які дапамагае свяшчэнніку ў час багаслужэння). 25 сакавіка 1861 года быў назначаны на пасаду псаломшчыка ў Крыжа-Узвіжанскую царкву вёскі Святая Воля Пінскага ўезда. Пасяліўся разам з сям’ёй у суседняй вёсцы Вялікая Гаць, дзе жыў на пакоі яго бацька.
У 1863 годзе беларускі псаломшчык стаў ахвярай мяцежнікаў, пацярпеў за цвёрдую праваслаўную веру і Айчызну. Як расказвалі старажылы і даследчыкі па праваслаўнай лініі айцу Мікалаю, настаяцелю Святавольскай царквы, Фёдара Юзэфовіча мяцежнікі спачатку білі дома, потым пацягнулі ў карчму, здзекваліся там, потым прывязалі да хваста каня і цягалі праз вёску. Але і гэтага ім было мала. Тады вырашылі павесіць псаломшчыка ля хаты на вачах жонкі, дзяцей і старэнькага бацькі. Тры дні каля цела мучаніка стаяў вартавы і не даваў яго хаваць, нягледзячы на слёзныя просьбы блізкіх і вяскоўцаў. Толькі пасля таго, як мяцежнікі сышлі з вёскі, цела мучаніка было пахавана побач на вясковых могілках. На яго магіле быў пастаўлены высачэнны драўляны крыж. Пасля смерці Фёдара ў сям’і засталося пяцёра дзяцей-сірот: Аляксей, 11 гадоў, Кацярына 7 гадоў, Мікалай 5 гадоў, Ганна 4 гады, Марыя 1 год. На падтрымку сям’і Санкт-Пецярбург выдзяліў 400 рублёў адначасовай дапамогі, а Свяцейшы Сінод назначыў штогадовую дапамогу ў памеры яго гадавой зарплаты – 40 рублёў. 50 рублёў срэбрам перадала газета “Дзень” з ахвяраванняў падпісчыкаў.
Напачатку 20 стагоддзя з’езд духавенства Мінскай епархіі прыняў рашэнне ўвекавечыць памяць Фёдара Юзэфовіча. Грошы на ўзвядзенне помніка збіраліся сярод духавенства, прымаліся прыватныя ахвяраванні. З шведскага чорнага граніта быў зроблены крыж, які стаяў на высокім ступенчатым пастаменце. На задняй частцы помніка былі вершаваныя радкі: “Слава за веру борцам, верным России сынам, тем, что готовы отдать душу за Родину-мать!” Урачыстае адкрыццё манумента адбылося 14 верасня 1911 года.
Па Рыжскім дагаворы вёска Вялікая Гаць увайшла ў склад Польшчы і прозвішча Юзэфовіча ўвайшло ў рэестр “ворагаў Рэчы Паспалітай”. У 1920-я гады помнік быў разабраны. Але ў памяці людзей псаломшчык застаўся як герой. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, на месцы разбуранага манумента праваслаўнымі хлопцамі, якія прызываліся ў войска Польскае, быў устаноўлены драўляны крыж, ля якога прасілі Бога блаславіць іх і зберагчы падчас ваеннай службы. У савецкі час імя Фёдара Якаўлевіча Юзэфовіча надоўга забыта.
Са станаўленнем незалежнай Беларусі пайшла актыўная работа па ўзнаўленні гістарычнай памяці. З’явіліся сур’ёзныя даследаванні свяшчэнніка айца Гардзея Шчаглова, гісторыка Кірыла Сокала, першым знайшоўшага інфармацыю аб помніку з такім трагічным лёсам.
Сумеснымі намаганнямі архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана, айца Мікалая, настаяцеля Святавольскай Крыжа-Узвіжанскай царквы, і прыхаджан адбылося ўзнаўленне помніка мучаніку, нашаму заступніку на небе. Гэта трэба не мёртвым. Гэта трэба жывым.
Валянціна БОБРЫК. фота Валерыя МІСКЕВІЧА. (У матэрыяле выкарыстана часта артыкула Уладзіміра Ліхадзедава.)