У другую нядзелю пасля Пасхі, сёлета гэта 26 красавіка, па праваслаўным календары праслаўляецца подзвіг святых жон-міраносіц. Гэта своеасаблівае свята ўсіх жанчын-хрысціянак, якія сваім прыкладам гавораць нам аб тым, якой павінна быць любоў да Бога, не кароткачасовым парывам, а пастаянна гарэць у сэрцы, быць моцнай, нязменнай у радасці і ў дні выпрабаванняў.
Напярэдадні гэтага жаночага свята адбылася сустрэча з трыма бабулямі, якія не прапускаюць ні адной службы ў царкве, якія служаць душой і працай Богу і, можна сказаць, жывуць храмам. Знаёмцеся: прыхаджанкі храма іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г.Івацэвічы – Феадора Храпіцкая, Кацярына Жабрун, Вольга Якубеня (на здымку).
Без царквы я сябе не памятаю
–Не паеду і не прасі. Яшчэ крыж не цалавалі. Як я пайду з царквы, – казала старэнькая жанчына, якую на любой службе можна было бачыць на стульчыку ля сцяны з правага боку храма.
Па тым як настойліва ўгаворвалі бабулю рухацца на выхад, бачна было, што гэта яе сваякі, якія дзесьці спяшаліся і не мелі магчымасці прыехаць яшчэ раз спецыяльна за ёй, нямоглай, бо рухалася бабулька ледзь-ледзь, з двума палкамі. Але бабуля на дзіва была цвёрдай і не згаджалася пакінуць храм пакуль не скончыцца служба.
–Можаце і не прыязджаць, я тут застануся, – адрэзала яна.
Памятаю, тады я вельмі здзівілася такой цвёрдасці духа ў, бадай, самым нямоглым чалавеку ў царкве. І запаважала яе, а потым даведалася, што тады айцец Грыгорый даў паслушэнства аднаму з прыхаджан прывозіць бабу Феадору на службы, на якіх яна пажадае быць. І бабуля з таго часу не прапускае ні адной літургіі, малебна ці акафіста, ні вечарам, ні ранкам. І гэтым яна шчаслівая.
Напрыканцы мая бабулі Феадоры Храпіцкай споўніцца 94 гады. Родам яна са Столінскага раёна. 26 гадоў таму, як не стала мужа, адзіны сынок забраў матулю да сябе. Зараз ён жыве ў Любішчыцах, а бабуля Феадора з унукам – у Івацэвічах.
– На радзіме ў нас у вёсцы была царква, яна не закрывалася ні ў вайну, ні пасля. І мы хадзілі на службы з дзяцінства. Мяне бралі ў царкоўны хор другім голасам спяваць, але бацькі не пусцілі, бо трэба было працаваць. І ў школу не пусцілі… Даруй Божа, гэты грэх маім бацькам. У 1940 годзе нарадзіла сыночка, а потым у вайну вельмі застудзілася, і дзяцей усіх праз запаленне пагубіла, больш не стала мамай. Сем гадоў таму паставілі сустаў жалезны на нагу, з таго часу парашкі п’ю праз дзень абязбольваючыя. Але слава Богу за пакуты і за радасць.
У Феадоры Трафімаўны трое ўнукаў, чатыры праўнукі і прапраўнук.
– Храм – гэта месца для радасці, толькі ў ім маё жыццё. Заўтра вячэрня, а там хутка дзень Міраносіц. Гэта наша свята. Трэба прычасціцца ўсім жанчынам. Я таксама тры дзянькі папашчу і прычашчуся, калі Богу будзе ўгодна…
Без Бога не да парога
Другой бабулі – Кацярыне Жабрун восенню споўніцца 79 гадоў. Родам яна з Бярозаўскага раёна. Жыццё ў гэтай прыгожай жанчынкі спачатку складвалася добра, пайшла замуж за мясцовага хлопца, пераехалі ў Івацэвічы, нарадзілі трое дзяцей… Працавала ў бухгалтэрыі ў рэстаране, потым у грамхарчы, перад пенсіяй працавала на Івацэвічдрэве. У царкву хадзіла на святы, яблыкі пасвяціць, вадзіцу ці вярбу, як многія жанчыны, прытрымлівалася бацькоўскай традыцыі. А 20 гадоў таму здарылася няшчасце – памёр сыночак Васечка. І гора прывяло жанчыну ў царкву канчаткова і назаўсёды. Як пайшла на пенсію, не стала прапускаць ніводнай службы. Тут сталі цэглу абіваць, потым будаваць новую царкву. І з таго часу Кацярына Паўлаўна стала вернай прыхаджанкай. І Бог дае сілы выконваць яшчэ і паслушэнствы: – стаяць ля падсвечніка “за упакаенне”, мыць падлогу, сцены ў храме пасля службаў, чысціць падсвечнікі.
–Калі не атрымаецца калі пайсці ў храм, то здаецца не была тут цэлую вечнасць. Тут такая благадаць! – кажа бабуля Каця і вочы яе ўспыхваюць радасцю. – Шкада толькі, што не ўся сямейка мяне разумее. Унукаў у мяне сямёра, праўнукаў пяцёра. Ва ўсіх работа. Сыну, з якім жыву, як толькі свята – яму ў рэйс… Малюся за іх, вельмі хочацца, каб яны чулі царкоўнае слова, радавалі сваю душу…
Цярплівасці ўсім жадаю, усюды быць з Богам, з хаты без малітвы не выходзіць. І Бог нікога не забудзе, толькі ён наш Суцешыцель.
Храм абнаўляе чалавека і душу
І трэцяй бабулі – Вользе Якубеня ў жніўні будзе 85. Толькі яе ўсе жанчыны і бацюшка называюць цёця Оля. Па ёй ніколі не скажаш, што яна ў такіх гадах. Айцец Грыгорый цэніць здольнасці Вольгі Аляксеяўны, бо што б ёй ні даручы, са ўсім яна справіцца лепш за ўсіх. За гэтую якасць жанчыны, што прыслужваюць у храме, лічаць яе галоўнай сярод іх. А яна да ўсіх – з любоўю.
– Ведаеце, я ў маладосці працавала пасудазборшчыцай на вакзале, прыбірала, грузіла скрыні з прадуктамі, буфетчыцу падмяняла, усё рабіла, што скажуць, – кажа Вольга Аляксеяўна. – А на вакзале, самі разумееце, чысціню трэба трымаць вунь як! Кіраўніцтва ніякай праверкі санстанцыі не баялася, калі яна была падчас майго дзяжурства.
А моцную загартоўку жанчына прайшла на Пружаншчыне яшчэ з самага дзяцінства. Бацька хварэў, а ў 1948 годзе памёр, маці араць не ўмела, і Вользе трэба было працаваць за аратага, як добраму мужчыне.
Пасля вайны Вользе споўнілася толькі 15 гадоў, і з таго часу яна працавала як усе дарослыя: на пасадках лесу, на будаўніцтве дарог, на паперні… За мужам, які ўладкаваўся на работу ў леспрамгас, Вольга прыехала ў Івацэвічы. Атрымалі інтэрнат і так і засталіся тут. Разам пражылі 65 гадоў, усялякае было, але пабудавалі свой дом, двое дзяцей выгадавалі, цяпер ад іх ёсць 4 унукаў, 3 праўнукі.
Вольга Аляксеяўна памятае папярэднюю царкву ў Івацэвічах. Яна стаяла на горачцы паблізу вуліцы Леніна, цяпер на тым месцы дом пабудаваны. Памятае, як тая царква згарэла. Гэта было ў 60-я гады. Тады сталі хоць зрэдку ездзіць на службы ў Любішчыцы. І толькі ў 90-я гады пачалі будаваць новую царкву ў Івацэвічах. Вольга Аляксеяўна тады была ўжо на пенсіі, але хадзіла на работу. А як прабіла нагу на цвік, то больш на работу не вярнулася, а засталася пры царкве працаваць.
З першага каменя і да апошняга – пры будаўніцтве царквы, з першай службы з таго дня Вольга Аляксеяўна – першая ў храме. Пільным гаспадарлівым вокам яна заўважае любую пылінку і перш чым каго паслаць прыбраць, сама прыбярэ. І жанчыны, якія прыходзяць на паслушэнствы, вучацца заўважаць непарадак так, як яна, вучацца не замінаць нікому, не спрачацца, не шукаць вінаватага, а першымі прыходзіць адзін аднаму на дапамогу. Жанчыны шмат клопатаў бяруць на сябе падчас святаў, сустрэч і сходаў свяшчэннаслужыцеляў. Накарміць гасцей – гэта таксама іх клопат. У пост– поснымі стравамі, у святы – з пірагамі. Кніжныя выставы, асветніцкая работа – частка і гэтых клопатаў на жаночых плячах. Сястрыцтва – таксама жаночая ідэя і справа жыцця адданых служэнню Богу жанчын. Яны моляцца за сваіх блізкіх, за ўсіх сясцёр і братоў: “Умацуй іх Божа!” Яны ў пост, бывае, сядзяць на хлебе і вадзе, і яны жадаюць усім жанчынам не ведаць урачоў, быць бадзёрымі, служыць Богу ад усёй душы, бо толькі ў гэтым доме – у царкве, выратаванне для ўсіх. І храм – іх найпершы дом.
Валянціна БОБРЫК.