Патрыярх усея Русі Кірыл служыў божую літургію ва Уваскрасенскім саборы горада-героя Брэста21 чэрвеня. Кіраўнік рускайправаслаўнай Царквы ў гэтыя дні знаходзіцца з пастырскім візітам, прысвечаным 1000-годдзю памяці святога хрысціцеля Русі князя Уладзіміра, Дню памяці ўсіх беларускіх святых і 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Прыхаджане храма абраза Божай Маці “Дзяржаўная” г.Івацэвічы таксама рыхтаваліся да сустрэчы з Патрыярхам усея Русі Кірылам: пасцілі, спавядаліся напярэдадні вечарам у Івацэвіцкім храме, каб прычасціцца ў такі знамянальны дзень і атрымаць бласлаўленне ад самога патрыярха. А на світанку 21 чэрвеня група паломнікаў на чале з дыяканам Кірылам Піліпчуком адправіліся з малітвамі ў дарогу. Частка прыхаджан дабіралася электрычкай. Людзей ва Уваскрасенскім храме сабралася з усіх благачынняў Брэсцкай вобласці і г.Брэста – тысячы. Яшчэ столькі ж назіралі за службай з дапамогай мульцімедыйных экранаў, устаноўленых ля сцен храма.
Літургія была асабліва ўрачыстай, казалі вернікі. Саслужылі патрыярху мітрапаліт Павел, патрыяршы экзарх усея Беларусі, уладыка Брэсцкай епархіі Іаан, іншыя свяшчэннаслужыцелі. У пастырскім слове патрыярх Кіріл адзначыў, што беларускі народ адзначаны нейкай асаблівай божай харызмай, спакоем, змірэннем, якія не з’яўляюцца слабасцю. І сення ў гэтым народзе павіненрасцвітаць дар духа святога, дар веры. Духоўны ўздым атрымалі і івацэвіцкія прыхаджане, прычасціўшыся і прыклаўшыся да мошчаў святога князя Уладзіміра, якія прывёз патрыярх.
А ў ноч на 22 чэрвеня патрыярх Кірыл правеў заупакойную службу ў храме Брэсцкай крэпасці, а затым далучыўся да мітынга-рэквіема ў чатыры гадзіны раніцы, які азнаменаваў гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Дзімітрыя Нікалайчыка