Вясковы бацюшка….

Размещено 14 Ноябрь, 2016; 6:17 в Новости прихода

Вясковы бацюшка….

Вясковы бацюшка.

Протаіерэю Аляксандру (Аўсяніку), настаяцелю храма Узвіжання Крыжа Гасподняга в. Гошчава, 27 верасня, у дзень прастольнага свята царквы, споўнілася 50 гадоў з дня нараджэння і 25 гадоў яго царкоўнага служэння. Вяскоўцы айца Аляксандра называюць пяшчотна – бацюшка, і гэта сведчыць аб тым, якой павагай ён карыстаецца сярод людзей.

– Такога бацюшкі, як наш айцец Аляксандр, пэўна, нідзе ў свеце больш няма, – казала ўзрушана мне жанчына пасля Божай літургіі ў Гошчаве, якую прыехаў служыць з нагоды свята Высокапрэасвяшчэннейшы ўладыка Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі, у саслужэнні свяшчэнства раёна. – Ці хату асвяціць, ці дзіця пахрысціць, павянчацца, ці паспавядацца трэба, папытаеш: “Калі бацюшка падысці?”, ён абавязкова адкажа: “У любы зручны для вас час”. Гатоў у любы час дня і ночы служыць і Богу, і людзям.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Калі да свяшчэнніка звяртаюцца: “Бацюшка…”, то гэта ўжо як сям’я. Вёска для настаяцеля атрымліваецца як адзіны арганізм. Усё, як у сям’і. У горадзе, калі чалавек перастае хадзіць у храм, свяшчэннік можа і не перажываць, – іншыя прыдуць. А ў вёсцы ён – адзін. І як на далоні ва ўсіх. І не дай Божа, калі свяшчэннік аступіцца. Пляма будзе на дзесяцігоддзі. Вельмі важна ніводнай “авечкі” пастыру не страціць. Але ў айца Аляксандра вёска не адна, дакладней, ён адзін – на шмат вёсак.

Прыход у айца Аляксандра і, сапраўды, надта вялікі – 12 вёсак. З іх дзевяць: Гошчава, Размеркі, Стайкі, Сярадава, Быч, Зялёны Бор, Няхачава, Аляксейкі, Аўсто – Гошчаўскі прыход, а яшчэ ён акармляе і Буленскі прыход – гэта вёскі Була, Грыўда, Харошча. Уявіць цяжка, як ён усюды паспявае? Асабліва падчас вялікіх святаў. Нагрузка іншы раз такая, што суткі – на нагах, прычым кожная хвіліна на ўліку. І ўсюды трэба паспець, да ўсіх з павагай і любоўю, забываючы аб сабе.

Сельская псіхалогія своеасаблівая, і з вясковымі людзьмі трэба быць шчырым. А бацюшка сваіх нямоглых бабулек-прыхаджан, улічваючы іх адзінокасць, пашле сына каторага прывезці на Богаслужэнне. І ў гэтым яго душа да людзей.

Да традыцый тут таксама з павагай, яны з пакалення ў пакаленне перадаюцца. Беражна захоўваюць памяць аб былым бацюшку Мікалаю Дзем’яновічу, які ў гады Вялікай Айчыннай выратаваў ад смерці гашчэўцаў. Аб гэтым выпадку пісаў у сваёй кнізе відавочца тых падзей былы дырэктар Гошчаўскай школы Мікалай Банасевіч. У знак пашаны аб подзвігу бацюшкі айцец Аляксандр з алтарнікам Уладзімірам Фалітарыкам здымаў фільм “Памяць сэрца”. Сяльчан тады сагналі і сталі выклікаць па спісе актывістаў савецкай улады. Названыя людзі сталі выходзіць, інакш пагражалі спаліць усю вёску з людзьмі. Выйшла іх 22 чалавекі. Дваццаць трэці хацеў уцячы, і яго расстралялі на месцы, а хату заставілі вясковых мужчын разабраць і спаліць у цэнтры сяла. Вяскоўцаў тады адпусцілі, а мужчын названых па спісе пагналі ў горад. Тады людзі, каб выратаваць іх, сталі збіраць подпісы, што гэтыя мужчыны ніякія не актывісты, а звычайныя вясковыя людзі. Сабраць сабралі, а хто панясе прашэнне? Усе баяліся, а айцец Мікалай пайшоў. Што ён там тлумачыў, як апраўдваў вяскоўцаў, ніхто не ведае, але факт, што ён тады вярнуўся з арыштаванымі  – усімі 22 мужчынамі.

Той бацюшка Мікалай доўга яшчэ правіў у вясковым храме, да 30 мая 1977 года, і быў аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. А пасля яго смерці ў вёску сталі прыязджаць свяшчэннікі, адзін, другі, трэці… Але ніводзін тут не затрымаўся. Храм прыходзіў у заняпад, а “авечкі” без пастыра рассейваліся. Толькі ў 1994 годзе на прастольнае свята царквы, якое ладзіцца заўсёды 27 верасня ў дзень Крыжаўзвіжання Гасподняга, прыехаў у Гошчава з Бялавіч айцец Аляксандр. Адслужыў службу, пазнаёміўся з людзьмі. І неяк адразу душа да яго лягла, а тая акалічнасць, што і дзень нараджэння новага бацюшкі супадае з прастольным святам царквы дадало ўпэўненасці: “Наш бацюшка!” І сапраўды, з 1994 года айцец Аляксандр нязменны настаяцель Гошчаўскага Крыжаўзвіжанскага храма і дадаткова храма в. Була ў памяць Усекнавення главы Іаанна Прадцечы.

Падчас чакання высокіх гасцей на свята мы з бацюшкам паспелі крыху пагаманіць. Ён расказаў, што родам з вёскі Беражное Столінскага раёна, са шматдзетнай сям’і. Бацькі Аляксандра напачатку жылі на хутары, таму ён памятае той час, калі жыццё ладзілася ў хаце без электрычнасці, з прасам на вуголлі. А яшчэ сям’я жыла разам з бацькамі бацькоў, таму выхаванне дзяцей клалася на плечы бабулі. Яна ж навучыла Аляксандра маліцца, а Біблія, якую чытала бабуля, была і для хлопчыка самай цікавай і мудрай кнігай, якую хвалююча было не тое што чытаць, а нават толькі ў рукі ўзяць. Таму, калі ў школе дзеці пісалі сачыненне “Кім хочаш стаць?”, Аляксандр адзін з класа напісаў: “Папом”. Не разумеў хлопчык тады, чаму з-за такой шчырай мары, яго бацькоў так часта выклікаюць на гутарку ў сельсавет. Бацькі яго не ўшчувалі, але сказалі, што пра мару не трэба больш нікому не расказваць.

Употай ён з бабуляй прадаўжаў хадзіць у царкву ў імя Святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы і натхняўся і ўмацоўваўся ў веры, дзякуючы гутаркам з протаіерэем Грыгорыем, настаяцелем вясковай царквы. Жаданне стаць бацюшкам жыло ў душы, але скончыўшы школу, з хлопцамі пайшоў вучыцца на электрыка. Адслужыў у арміі, уладкаваўся працаваць у Райсельгасэнерга, стаў сустракацца з дзяўчынай. Ёй і даверыў свой тайны намер стаць бацюшкам. І калі стаў сватацца да яе, Жанна раілася з бацькамі, што суджаны хоча стаць свяшчэннікам. Бацькі нявесты адобрылі яго намер і блаславілі маладых.

У 1991 годзе Высокапрэасвяшчэннейшы ўладыка Стэфан рукапалажыў Аляксандра ў бацюшкі і накіраванне служыць айцец Аляксандр атрымаў у Івацэвіцкі раён, у Бялавічы, а ў 1994 годзе ён быў пераведзены ў Гошчаўскі прыход і замацаваны за Буленскім. Сёння Гошчаўскі храм – гістарычная каштоўнасць, а Буленскі, рыхтуюцца дакументы, – памятнік архітэктуры.

Найбольш людзі ўдзячны айцу Аляксандру за ўзнаўленне Гошчаўскага храма, які, лічы, развальваўся на вачах. Служыць у ім было немагчыма, бо дах прасеў, з вокан і дзвярэй дула скразняком… Дзякаваць Богу, мясцовы прадпрымальнік Віктар Ермаковіч узяў, лічы, усе расходы на сябе па ўзнаўленні храма, але і бацюшка дняваў і начаваў сярод будаўнікоў. А пасля трэба было яшчэ адстойваць яго гістарычную каштоўнасць. Заззяў храм на ўсю ваколіцу, і пацягнуліся ў яго людзі. І мясцовыя, і гарадскія, бо намоленае месца, яго абразы “дыхаюць” святасцю і цеплынёй.

Сельскі свяшчэннік – гэта больш, чым духоўны айцец. Ідзеш да яго – ён і выслухае, і парадай дапаможа. Бацюшка ў вёсцы ўсіх прыхаджан ведае, усе праблемы разумее. І суперажывае, бо і сам тымі ж праблемамі жыве. У горадзе свяшчэннік ідзе як на працу. А ў вёсцы, бывае бацюшка цэлую гадзіну можа спавядаць чалавека і ніхто яго не прыспешвае. Больш натуральна жыве вясковы бацюшка. І калі бабулі сядзяць на лаўках падчас службы, не саромее іх, разумее, што стаміліся ад работы за жыццё, вось ногі і не трымаюць. І бабулі ўдзячны за разуменне, стараюцца ў самыя важныя моманты Богаслужэння ўстаць і слухаць Евангелле, ці калі выносіцца з-за алтара Чаша з Прычасцем – стоячы.

Чым жыве сям’я свяшчэнніка? Трэбамі. Зарплату ж бацюшка не атрымлівае. Вянчанні, хрышчэнні, памінкі, асвячэнні дамоў – з гэтага і жывуць, і храмы ўзнаўляюць, і царкоўныя рэчы набываюць, і вядуць місіянерскі подзвіг. Часцей за ўсё, на жаль, даводзіцца “чытаць па нябожчыку” – асноўнае насельніцтва Гошчаўскага і Буленскага прыходаў  – сталыя людзі. Але і хрышчэнні бываюць, асабліва летам, калі моладзь прыязджае да бабуль-дзядуль з гарадоў і жадае хрысціць дзяцей на радзіме продкаў. І вянчанняў колькасць павялічылася. Не толькі сярод моладзі, а і сямейныя пары старэйшага пакалення прымаюць рашэнне павянчацца. І гэта дарагога каштуе.

“Аксіос!”, – такім воклічам уладыкі Стэфана суправаджалася ўзлажэнне ўзнагароды – нагруднага Крыжа, за асаблівыя царкоўныя заслугі айцу  Аляксандру. У перакладзе з грэчаскай мовы “Аксіос” значыць “Дастойны” і ўспрымаецца як малітва “Будзь дастойны”. Прыхаджане шчыра радаваліся гэтай падзеі і пасля Літургіі віншавалі дарагога бацюшку ад душы. Ніна Іванаўна Кіслейка казала: “Значыць, вартыя Вы гэтай узнагароды, айцец Аляксандр. Па Вашай працаздольнасці, па Вашых малітвах мы стаім у чыстым і прыгожым храме”… Прыхаджанка зычыла ад імя сяльчан служыць бацюшку Богу і людзям і з лёгкім сэрцам крочыць у храм яшчэ шмат гадоў. Пранікнёнымі былі вершы, прысвечаныя бацюшку, і віншаванні ад Ніны Іванаўны Турчыной.

Былы дырэктар Гошчаўскай СШ і суседка бацюшкі Валянціна Віктараўна Белая дадала, што чалавек ён дабрадушны, шчыры. “Нам, людзям, якія выхоўваліся ў савецкі час, было цяжка адважыцца пайсці ў храм.  Але бацюшка так умее з людзьмі, што многія настаўнікі пратапталі сцяжынку да храма, – казала Валянціна Віктараўна. – Памятаецца, як страшна было першы раз ісці да споведзі. Я так доўга рыхтавалася, хвалявалася, а ён з такой спагадай, суцяшэннем… І дзяцей спавядае ад душы, шчыра, навучае іх. Штогод традыцыя ў яго малебен служыць перад навучальным годам для школьнікаў і настаўнікаў, абавязкова дзецям дарыць кніжкі, а аднойчы нават падарыў “Праваслаўны буквар”, а настаўнікам – іконкі. Як пайшла на пенсію, стала хадзіць у царкву часта. І нядаўна на Дзень сям’і мы з мужам павянчаліся. Вянчалася ў той дзень і дваюрадная сястра. І не толькі мы, часта людзі ва ўзросце прымаюць рашэнне вянчацца. Наш бацюшка не проста адбыў і пайшоў, ён шчыра вядзе Богаслужэнне, а голас у яго які – царква гудзе”!

Галіна Аляксандраўна Жылко, спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ураджэнка в.Гошчава, таксама з любоўю выказвалася аб бацюшку: “Я нарадзілася ў Гошчаве, тут, у нашым храме, хрысцілі маіх дзяцей, тут яны і вянчаліся, унукаў хрысцілі. Калі бацюшка прыехаў у Гошчава, то кватэру ён здымаў як раз насупраць нашага дому. Сям’я прыстойная, чацвёра дзяцей. З суседзямі жылі дружна, з добрым ці з горам да яго звяртаўся хто – нікому не адмаўляў. Як чалавек, як сем’янін, як бацюшка – ён цудоўны. Яго паважаюць у вёсцы і шануюць. Асабліва за тое, што не даў храму зруйнавацца з зямлёю, бо бэлькі ўжо былі падгнілі ўшчэнт. І сціплы ён. Калі памрэ бедны чалавек, то адпявае яго бясплатна. І надта перажывае, калі даводзіцца хаваць якое дзіця ці маладых. Людзі, не ён сам, хадайнічалі, каб яму выдзелілі жыллё. Далі каробку дома, нават, здаецца без даху, і ён сам давёў будоўлю да канца. Садзіў, як усе, шмат бульбы, трымаў гаспадарку. І дзеці выраслі харошыя, усе атрымалі адукацыю”.

А колькі эмоцый было ва Ўладзіміра Фалітарыка, рэжысёра народнага тэатра Іванаўскага раённага ЦК і народных традыцый, таксама ўраджэнца в. Гошчава!

– Прабабуля Наталля калісь, калі я хадзіў у другі ці трэці клас, прывяла мяне ў храм. Мы стаім, свечкі купляем, а бацюшка раптам мне кажа: “Хадзі за мной. Будзеш мне дапамагаць”. Я спужаўся напачатку, але пайшоў і служыў алтарнікам усе гады, пакуль хадзіў у школу. Вучыўся і сябраваў я з яго дачкой Валяй і часта бываў у іх дома. Калі паступіў вучыцца ва ўніверсітэт культуры, то з бацюшкам мы знялі фільм “Памяць сэрца” пра геройскага бацюшку Мікалая Дзем’яновіча. Айцец Аляксандр залажыў ва мне фундамент веры, для мяне ён назаўсёды застанецца маім духоўным настаўнікам. Дзе б я ні бываў у храмах краіны, нідзе так добра сябе не адчуваю, як у Гошчаўскай Свята-Крыжаўзвіжанскай царкве. Яна мне родная, у ёй такая благадаць, я б суткамі там знаходзіўся! Калі прыйдзе час жаніцца, вянчацца буду толькі ў нашай царкве.

Давялося пра айца Аляксандра чуць добрае і ад выпадковага чалавека. Жанчына казала, што ў хвіліну выпрабавання яна ездзіла ў Гошчава падаць малебен аб здароўі цяжка захварэўшага мужа. Падаць запіску жанчына падала, а на малебне ёй не выходзіла пабыць. Дык якое здзіўленне і маральную дапамогу яна адчула, калі бацюшка пасля малебна на наступны дзень не забыў пра яе, знайшоў у Івацэвічах і перадаў прасфору.

…Шчырае служэнне ў царкве, выкананне трэб, прапаведанне слова Божага, праваслаўных запаведзяў, асабісты прыклад змірэння перад жыццёвымі праблемамі вясковага жыцця – гэта той “інструмент”, якім працуе вясковы бацюшка. І толькі пры яго наяўнасці заслугоўваецца і аўтарытэт, і павага прыхаджан.

Валянціна БОБРЫК.

 

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован.

Перейти к верхней панели