Чацвёрты год святло свята Ражства Хрыстовага напаўняе актавую залу ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы”. Сёлета найцудоўнейшае каляднае прадстаўленне адбылося ў суботу, 14 студзеня, і па-сапраўднаму запомніцца яно цеплынёй выкліканых у сэрцы пачуццяў – чысціні і дабрыні вялікага свята.
Быць унутры радасці
Быць унутры радасці
Ужо чацвёрты год запар падчас Каляд у ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” ладзяцца калядныя прадстаўленні. Форма іх правядзення была рознай. Напачатку запрашалі выступіць нядзельныя школы, што існуюць пры храмах раёна, але кожны калектыў імкнуўся “не ўпасці тварам у бруд” – прыязджаў са сваёй шырокай праграмай, якую і імкнуўся паказаць на ўсе сто. У дадатак і гаспадары пляцоўкі імкнуліся разнастаіць праграму, дадавалі сваіх акцэнтаў – бліц-інтэрвью з бацюшкамі, якія суправаджалі сваіх маленькіх артыстаў, але ў цэлым – калядныя сустрэчы атрымліваліся зацягнутымі, і ўражанне ў выніку заставалася, як кажуць, так сабе. Так, добрая справа па задуме забірала шмат сіл, напружання пры падрыхтоўцы і арганізацыі фестывалю, а ў выніку тонкая аўра благадаці – рр-а-аз і знікала… Гэта вельмі непакоіла арганізатараў калядных сустрэч, хацелася стварыць штосьці незабыўнае, бездакорнае, напоўненае цэльным сэнсам. І зразумелі, школа не можа ўмясціць усіх жадаючых прыняць удзел у свяце і трэба абраць іншы шлях – рыхтаваць прадстаўленне сваімі сіламі. Тым больш, што дзяцей, хто хацеў атрымаць ролю, было шмат у самой трэцяй школе. І трэба было знайсці кожнаму менавіта такую ролю, якая прыйшлася б дзіцяці па сэрцы, і каб ніхто не застаўся за рамкамі гэтага светлага свята.
Усе гісторыі, якія разыгрываліся ў гэты дзень, звязаны з Евангеллем, але яно ажыло філасофскім зместам больш яскрава і кранальна. Тэатральныя мініяцюры аб нараджэнні Хрыста, аб Каляднай зорцы, прытча “Як Васятка чакаў Ражства” суправаджаліся дэкарацыямі, касцюмамі, з густам аформленай сцэнай і відэападтрымкай кадраў тых біблейскіх мясцін, дзе адбывалася даўнінная падзея нараджэння Богадзіцяці. Ціхі бялюткі снег за акном, а на кадрах – сонечныя спякотныя іерусалімскія пейзажы пад заварожваючыя яўрэйскія мелодыі, парадаксальна зліваліся ў чаканне цуда, якое вось-вось здарыцца. Дзяўчынкі ва ўбраннях з крылцамі анёлаў, як безабаронныя матылькі ў танцы са свечкамі, пранікнёныя песні чыстымі галасамі – усё разам застаўляла дрыжаць сэрца ад ціхай радасці свята, якая пранікала ўнутр, у кожную клетачку душы. У такім шчырым і непасрэдным дзіцячым выкананні з сапраўднай бабуляй, у ролі якой была настаўніца Ірына Віктараўна Рыпінская, зместу быў поўны давер і веяла сапраўднай бабулінай любоўю, якая лепш за бацькоў умее выклікаць дзяцей на шчырасць. А ўдала падабраныя біблейскія сюжэты з глыбінным сэнсам прытчаў прабівалі і гледачоў, і саміх педагогаў на слязу. І, як казалі настаўнікі-арганізатары, нарэшце, як у калейдаскопе ўсе грані склаліся ва ўзор і аб прадстаўленні, у якім удзельнічала так шмат дзяцей, можна было сказаць адным словам: “Атрымалася!” Дадаць магу, што не толькі мне асабіста, Ражство па-сапраўднаму запомнілася менавіта гэтым дзіцячым святам.
У рамках інавацыйнага праекта
Каб не паўтарацца з тэстамі песень і сюжэтаў тэатральных мініяцюр, арганізатарам давялося доўга працаваць. Настаўнікі шукалі сцэнарыі не толькі ў сеціве, а і сярод сталых людзей. І не здарма. Як было радасна атрымаць ад Ніны Фёдараўны Сірыдзінай, што прыслужвае ў Бусяжскай царкве, сшыткі з пажаўцелымі старонкамі, на якіх тэксты напісаны ад рукі. Ёй асабісты дзякуй ад арганізатараў свята – кіраўніцтва школы і групы настаўнікаў.
Аб іншых этапах падрыхтоўкі свята расказвалі з не меншым натхненнем настаўнікі школы. І высветлілася, што школа з нядаўняга часу стала пляцоўкай для рэалізацыі доўгатэрміновага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”, які курыруе Тацццяна Фадзееўна Пашковіч, старшы выкладчык кафедры педагогікі і менеджмента адукацыі акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У рамках праекта працуюць педагогі трэцяй школы, якія вядуць клубы, факультатывы і аб’яднанні па інтарэсах “Асновы праваслаўнай культуры”: Алена Васільеўна Валоская, Ірына Віктараўна Рыпінская, Вольга Уладзіміраўна Кацкель, Таццяна Яўгеньеўна Ланская. Але ў накірунку праваслаўнага выхавання працуюць і Ірына Уладзіміраўна Новік, Ларыса Юльянаўна Собаль, кіраўнік духоўных спеваў Таісія Іосіфаўна Кашэня – педагог дадатковай адукацыі ад ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г.Івацэвічы”. У скарбонцы духоўных мерапрыемстваў і экскурсіі па святых мясцінах, і сустрэчы з бацюшкамі, і ўдзел у Свята-Макар’еўскіх адукацыйных чытаннях, у трэцяй Рэспубліканскай канферэнцыі “Духоўнасць. Маральнасць. Традыцыі”, якая ладзілася ў Мінскай духоўнай семінарыі пад эгідай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, МГА “Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мефодзія і Кірыла”, ДУА “Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі” і Мінскай духоўнай акадэміі.
Дырэктар ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” Алег Аляксеевіч Кузьмін і намеснік па выхаваўчай рабоце Алена Васільеўна Ляўданская ўпэўнены, што выхаванне павінна быць неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях. Але толькі тады выхаванне прынясе карысць для грамадства, калі працэс будзе будавацца на традыцыйных маральных і духоўных каштоўнасцях. Тое грамадства будзе ўстойлівым, якое здольна захаваць свае фундаментальныя традыцыі незалежна ад абставінаў часу. Прыемна адзначыць, што ў школе ўсё больш дзяцей і бацькоў аддаюць перавагу заняткам па выбару духоўнай накіраванасці. Расточак дабрыні, кінуты ў глебу дзіцячых душ колькі гадоў таму, прарастае і дае добры плод. І сёння кіраўніцтва школы ставіць мэту паказаць напрацаванае, навучыць іншых, як можна арганізаваць працэс духоўна-маральнага выхавання ў школе зуладна з існуючай прававой базай. Гэтай мэце прысвячаецца раённы семінар, які хутка адбудзецца на базе школы для намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце з удзелам свяшчэннаслужыцеляў раёна.
Проста любіць таго, хто побач з табой
Такім пасылам напоўнена было Каляднае прадстаўленне з вуснаў дзяцей. А ў віншаванні благачыннага цэркваў Івацэвіцкага благачыння протаіерэя Грыгорыя Піліпчука было жаданне данесці філасофскі сэнс свята. У царкоўным трапары –галоўным гімне свята, спяваецца: “Ражство Твае, Хрысце Божа Наш, азары свет святлом разума…” У гэтых словах уся сутнасць веры – Хрыстос сваім нараджэннем даў нам надзею на вечнае жыццё. І калі мы будзем жыць святлом веры, мы зможам пазбегнуць многіх памылак і бед. Святло разума – гэта святло ведаў, як трэба жыць, якім арыенцірам карыстацца, каб наследаваць жыццё вечнае з Богам. Дабрыня і любоў – галоўныя арыенціры.
“Мы жывём у чаканні цуда, якое збываецца ў Ражство, – казаў дырэктар ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” Алег Аляксевіч Кузьмін у сваім вітальным і віншавальным слове, –але цуд прынясе больш радасці, калі мы будзем ствараць яго сваімі рукамі. Гэтае свята і ёсць тое цуд, які мы рыхтавалі. А яшчэ добрыя справы напаўняюць сэрцы цудам дабрыні”. Прыемна было чуць са сцэны, што валанцёры школы пад кіраўніцтвам Жанны Веніямінаўны Каспяровіч неслі цеплыню свята Ражства людзям, хто аказаўся ў гэтыя дні на бальнічным ложку.
…Мы розныя. І далека не дасканалыя. І калі ў школьнай зале збіраюцца розныя пакаленні, ёсць шанц перадаць славаслаўе Бога далей у свет, існаванне якога без Бога нямысліма.
Добра б было палюбіць рабіць добрае настолькі, каб кожны дзень без добрых спраў быў пустым, каб душа клікала ў храм, каб у сем’ях быў лад. А Бог не пакіне дарэмнымі нашы намаганні, абавязкова кране любоўю наша аслабелае ў жыццёвых бурах сэрца, каб “проста любіць таго, хто побач з табой”.
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіву школы.