15 студзеня ў Івацэвіцкім ГДК адбыўся дзіцячы фестываль “Святло Каляднай зоркі”, у якім прынялі ўдзел шматлікія дзіцячыя калектывы.
Свята пачалося з выступлення за занавесам ўзорнага інструментальнага ансамбля “Забавушка” ДУА “Дзіцячая школа мастацтва г.Івацэвічы”пад кіраўніцтвам Алега Іванавіча Зыбайлы. І пад ўрачыстыя гукі музыкі і цёплых слоў аб вечным свяце хрысціян усяго свету – нараджэння Хрыста, на сцэне з’яўляюцца вядучыя: “Ражство – гэта значыць радасць! Ражство – гэта значыць мір! Ражство – гэта значыць трэба ўсім дараваць, як Хрыстос вучыў”.
Высокім па выкананні было выступленне ўзорнага хору “Ліра” ДУА “Дзіцячая школа мастацтва г.Івацэвічы” пад кіраўніцтвам Вольгі Віктараўны Лайша. Шчырыя апладысменты гледачоў, а іх было ледзь не поўная зала, не хацелі адпускаць са сцэны выступоўцаў.
Віншаваў са святам Ражства Хрыстовага і Каляднымі святкамі прысутных благачынны цэркваў Івацэвіцкага раёна айцец Грыгорый. Ён казаў, што ў добрай сям’і нараджэнне дзіцяці суправаджаецца вялікай радасцю і надзеяй. Яны ўспрымаюць нараджэнне дзіцяці як дар Божы, які берагуць, у які ўкладваюць клопат і сілы, і які, маюць надзею, прынясе добрыя плады. Свята Ражства Хрыстовага – гэта вялікі дар усім людзям, дар любові і дабрыні. І мы павінны адгукнуцца любоўю да Бога, да праўды, ісціны, прыгажосці, да бліжняга. Сённяшняе свята творчасці, якое праслаўляе Бога, няхай будзе плённым і нясе ў свет чысціню і ісціну.
І пачалося падарожжа ў Віфлеем у суправаджэнні фотасюжэта аб Віфлееме з паломніцкага падарожжа на Святую зямлю прыхаджан Івацэвіцкага благачыння. Час імчаў, а на сцэне ўслед гісторыі аб нараджэнні Госпада нашага Іісуса Хрыста, разгарнулася тэатралізаваная казка “Марозка”, якая гледача настройвае на адзін з галоўных прынцыпаў хрысціянства – любоў да бліжняга, якая ціхім змірэннем перамагае сілы зла і адклікаецца любоўю ў адказ. А за гэтай казкай вядучыя прапаноўваюць перанесціся на дыване-самалёце ў дзень Ражства сучаснага, у кватэру, дзе жывуць дзве сястры, якія не ладзяць. Зноў у тэатралізаванай гісторыі ўсё становіцца на сваё месца і дабрыня бярэ верх і Свята Ражства адагравае халоднае сэрца адной з дзяўчынак. Была і тэатралізаваная прытча аб дабрыні і міласэрнасці, аб тым, што Хрыстос бласлаўляе жыццё людзей з чыстым сэрцам. Шмат цудоўных слоў аб добрым і вечным пачулі гледачы, шмат радасных песень прагучала са сцэны. І, на дзіва, не гучала са сцэны каму мы былі абавязаны святам. Вядучыя не называлі імён маленькіх артыстаў і іх кіраўнікоў, але ўсе яны салі героямі дня, бо дарылі часцінку святла сваёй душы гледачу. Баюся ўсіх не назваць, не крыўдуйце, калі не ўсе ў маім спісе. Шмат было выступоўцаў з ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.Івацэвічы” пад кіраўніцтвам Алы Аляксандраўны Груздзевай, цудоўна выступілі дзіцячыя калектывы ДУА “СШ №1 г.Івацэвічы” пад кіраўніцтвам Ірыны Васільеўны Кошаль, ДУА “СШ №3 г.Івацэвічы” пад кіраўніцтвам Вольгі Уладзіміраўны Кацкель, нядзельнай школы пры храме іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г.Івацэвічы пад кіраўніцтвам матушкі Наталлі Піліпчук, якую наведваюць школьнікі з усіх школ райцэнтра і Ліцэя Івацэвіцкага раёна. Шмат людзей засталося за кадрам – хто саліраваў, хто займаўся харэаграфіяй, хто даваў метадычныя парады і звёў у адно ўсе фрагменты, каб атрымалася цудоўная Калядная гісторыя, якая расхіліла сэрцы насцеж для Ражства і Калядных святак.
Валянціна БОБРЫК. Фота з архіва храма.