Храм у папраўчай калоніі асвяціў патрыяршы Экзарх усея Беларусі

Размещено 7 Сентябрь, 2015; 10:14 в для слайдера, Новости прихода

Храм у папраўчай калоніі асвяціў патрыяршы Экзарх усея Беларусі

22 жніўня высокапрэасвяшчэннейшы Павел, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, патрыяршы Экзарх усея Беларусі, упершыню пабываў на Івацэвіцкай зямлі. Мэта візіта мітрапаліта – служыць чын вялікага асвяшчэння храма ў гонар іконы Божай Маці “Змякчэнне злых сэрцаў”, будаўніцтва якога вялося на працягу няпоўных шасці гадоў у папраўчай калоніі №22 Брэсцкага ўпраўлення выканання пакаранняў Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Царква у гонар іконы Божай Маці “Змякчэнне злых сэрцаў” пабудавана сіламі асуджаных і клопатамі благачыннага Івацэвіцкага благачыння протаіерэя Грыгорыя Піліпчука і іерэя Аляксандра Пашкевіча, у асноўным на ахвяраванні прыхаджан Івацэвіцкага прыхода.

На тэрыторыі папраўчай калоніі створаны добрыя ўмовы, ёсць медыцынская часць, клуб, сталовая, банна-пральны комплекс, дзейнічаў духоўна-маральны гурток пад кіраўніцтвам старшага псіхолага Вадзіма Саўчука, акармляў прыход падчас будаўніцтва іерэй Аляксандр, настаяцель Свята-Успенскай царквы в. Быцень. “Гэтага дня мы чакалі з хваляваннем і вялікім спадзяваннем, што цяпер у нас ёсць месца, дзе можна застацца сам-насам з Богам, дзе можна аблегчыць сваю душу і атрымаць духоўнае суцяшэнне ад айца Аляксандра, – кажа малады асуджаны С. А. Пятровіч. – З усіх асуджаных большасць маладыя хлопцы ад 18 да 25, якія, як і я па маладосці, па юначым глупстве аказаліся за кратамі. У большасці – гэта безбацькоўшчына, хлопцы, якія папалі сюды за наркотыкі, за ўжыванне, захаванне і продаж іншым спайсаў. Яны думалі, падумаеш, паспрабаваў спайс сам і даў сябру, а закон суровы, і не паспеў вокам міргнуць, як аказаўся за кратамі на цэлых восем гадоў. І ім цяпер будзе вялікая духоўная дапамога, каб не “зламацца”, стымул выйсці на волю і перамяніць сваё жыццё”.

У гэты ўрачысты дзень хлебам-соллю і кветкамі мітрапаліта Паўла сустракалі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, благачынны цэркваў Івацэвіцкага благачыння протаіерэй Грыгорый Піліпчук, настаяцель новага храма іерэй Аляксандр Пашкевіч, духавенства Івацэвіцкага благачыння, начальнік папраўчай калоніі №22, падпалкоўнік унутранай службы Андрэй Квашэвіч, іншыя адказныя асобы органаў пракуратуры, суда, раённага аддзела ўнутраных спраў і ганаровыя госці.

Мітрапаліт Павел адразу звярнуўся да ўсіх удзельнікаў урачыстасці:

  • Вялікае асвяшчэнне храма здзейсніцца, калі мы спытаем Божага благаслаўлення. З’яднанне малітваў з Божым промыслам ніспашле благадаць і Бог асвеціць храм і гэтае месца. У час Божай літургіі адбываецца яднанне чалавека з Богам. І хочацца пажадаць, каб кожны з нас датыкнуўся да “неба” і Бог будзе змякчаць злыя сэрцы. У гэтым вобразе няма неабходнасці папракаць толькі асуджаных, гэта магчымасць заглянуць кожнаму ў сваё сэрца і зразумець сваю недастойнасць, сваю слабасць і пастарацца выправіць свае памылкі і стаць на шлях выратавання.

Яго Высокапрэасвяшчэнству саслужылі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, іерэй Георгій Лопухаў, кіраўнік сінадальнага аддзела па турэмнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай царквы, протаіерэй Грыгорый Піліпчук, благачынны цэркваў Івацэвіцкага благачыння.

Пасля асвяшчэння храма Патрыяршы Экзарх у саслужэнні архіепіскапа Стэфана і духавенства, якое прымала ўдзел у асвяшчэнні храма, служыў Божую літургію. Малітвы і богаслужэбныя спевы хора пад упраўленнем Таццяны Міхалкевіч былі чутны не толькі ў новым храме, а і на тэрыторыі папраўчай калоніі.

У пропаведзі перад Прычасцем, якую прамовіў іерэй Ігар Вабішчэвіч, гучаў прызыў не быць раўнадушным да тых, хто папаў у бяду. Ён прывеў шмат прыкладаў Божай міласці з Евангелля: разбойніка на крыжы, мытара, блуднага сына… Каля паўсотні асуджаных у гэты дзень паспавядаліся і прынялі Прычасце.

  • Вялікае свята – асвяшчэнне храма! Яшчэ адна крыніца жывой вады пачынае дзейнічаць на нашай беларускай зямлі, – з такімі словамі пасля заканчэння богаслужэння звярнуўся да прысутных і духавенства мітрапаліт Павел. – Няхай яна умацоўвае і жыватварыць, дае сілу духа і моц цела, каб кожны мог пераўтварыць сябе і па завяршэнні жыцця перайсці ў царства нябеснае. Храм – гэта асаблівае месца, гэта неба на зямлі, дзе прабывае дзеянне Святога Духа. Няхай для асуджаных гэты дзень стане днём пакаяння, выпраўлення і пачатку новага, добрага і хрысціянскага жыцця, у чым ім вельмі дапаможа новаасвечаны Божы храм.

У знак увагі да юбілею крымінальна-выканаўчай сістэмы Беларусі асабліва папрацаваўшым на ніве духоўнасці супрацоўнікам Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь уладыка Павел уручыў граматы і падзякі Патрыяршага Экзарха, а хор спяваў кожнаму тройчы: “Дастойны”. Патрыяршы Экзарх падзякаваў будаўнікам, благатварыцелям і благаўпрыгожвацелям Святога храма гэтага, павіншаваў усіх прычаснікаў, пажадаў ім Божай дапамогі, усіх благаславіў, а каб усе былі суцешаны, падарыў кожнаму на памяць абраз Божай Маці “Змякчэнне злых сэрцаў”.

У знак памяці аб асвяшчэнні храма сінадальны аддзел па турэмнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай царквы ўручыў храму 8 Евангелляў і касет на тыдзень непарыўнага прагляду. Айцец Аляксандр у сваю чаргу падзякаваў мітрапаліта Паўла за яго архіпастырскі візіт і падарыў яму абраз Божай Маці “Уладзімірская”, выкананы на драўлянай дошцы рукамі асуджаных, кіраўніцтва калоніі ў знак удзячнасці ўручыла мітрапаліту свае падарункі. Ад раённай улады намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец уручыў храму прыгожа выкананае Евангелле, уручылі храму свае падарункі і ганаровыя госці, у ліку якіх дырэктар ААТ “Даманаўскі ВГК” Святлана Масюк.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

This slideshow requires JavaScript.

Вы у нас (56)

Оставить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован.

Перейти к верхней панели